НЕДАЛУЧЭ́ННЯ РУХ,

міжнароднае аб’яднанне дзяржаў, якія ў сваёй знешняй палітыцы кіруюцца недалучэння прынцыпам. Афіцыйна створаны ў вер. 1961 на канферэнцыі 25 дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пры ўдзеле І.Ціта (Броз Ціта), Сукарна, Дж.Нэру і Г.А.Насэра. У 1960—80-я г. рэгулярна склікаліся канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў — членаў Н.р., на якіх абмяркоўвалася і каардынавалася знешняя палітыка гэтых краін у адносінах да звышдзяржаў — ЗША і СССР. З пач. 1980-х г. назіраўся крызіс Н.р.: некаторыя з недалучаных краін знаходзіліся ў стане ўзбр. канфлікту паміж сабой (Іран і Ірак), некаторыя фактычна дзейнічалі ў альянсе з СССР або ЗША, што парушала прынцып недалучэння. З распадам СССР (1991) востра паўстала пытанне пра змену і ўдасканаленне прынцыпаў Н.р. У 1990-я г. пра ўдзел у Н.р. заявілі больш за 100 краін свету, у т.л. ў 1998 Рэспубліка Беларусь.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)